Інтэрв'ю Артура Вакарава для 34Mag
Posted by     авг 21, 2017     Home    0 Comments

Навошта адкрываць вінтажую краму мэблі ў Менску?

– Прывезці вінтаж у Беларусь – мая з сябрамі шматгадовая мара. Панабывалі, панабудавалі сабе маёнткаў на сталым веке,ды захацелі іх цікава абставіць. А вось з цікавай мэбляй у Беларусі амаль ніяк.

У Даніі ці Галандыі ў кожным райцэнтры кшталту Мядзеля, ці Мозыру існуе па тры крамы, як нашая, а ў двухмільённым Менску не было ніводнай. Жданы даўно ўжо здзьмуліся, зніклі кудысьці мэблевыя камісіёнкі. Раней колькі іх было, а засталася адна, і то там палова арэндавана пад наўё з ДСП. Яшчэ ёсць падазрэнне, што там склалася нейкая мафія, якая забірае ўсё цікавае. Як ні хочаш купіць што-небудзь – або яшчэ не аформлена, або ўжо прададзена)  

У крамах у нас усё аднолькавае. Калісьці глядзеў артыкул на анлайнеры «Квартэры, што можна арандаваць за 500 рублёў». І фоткі 30 аднолькавых кватэр з тымі самымі горкамі, сценкамі, эмдээфнымі кухнямі. Альтэрнатыва – нешта шалёна дарагое.

Хацелася, каб мае творчыя сябры, такія як я, маглі што-небудзь тут зачапіць. Яны не могуць аддаць 2 000 еўра за канапу, а 200 еўра адшкадаваць на мару – могуць. Атрымаўся фармат барахолкі, які хутчэй для душы, чым для бізнэсу.

Адразу я думаў назваць гэта крамай-музеем, бо дзе ў Беларусі яшчэ ўбачыш жывы ар-нуво, ці дызайн Старка. Да нас нават прыходзілі хлопцы з izdereva.by пасля працы, каб проста памацаць-паглядзець, як усё дасканала зроблена, натхніцца.

Як арганізавалася крама?

– Мы спрабавалі прыватны шлях: ганяць мікрааўтобусамі з маленькімі партыямі. Але з беларускай мытняй так не спрацуеш. Я тады ехаў са смелым чалавекам, які павёў нас праз зялёны канал, маўляў: «маўчы і не лезь, прарвемся”. Але калі мытнік убачыў, што мы вязем 18 кубоў мэблі, дык ахранеў: «на выхад», «канфіскацыя». Але неяк злітаваліся, перагналі нас ў чырвоны калідор – у рэшце рэшт атрымалася дорага і па нервах, і па коштах: усю ноч цягалі сваю мэблю па мытні і па 4 еўра за кілаграм вагі. Больш мы на такое не падпісваліся. Да і абмяжоўваць сабе памерам гаражных кантрабандзістаў нецікава. Зладзіць гэтую краму атрымалася толькі з дапамогай магутнай кампаніі-інвестара: НДЦ “Магістр”.

І як тады вы арганізавалі бізнэс?

– Інтэрнэт-краму з перадзамовай мы адмялі адразу. Што гэта за барахолка? Трэба ж прыйсці, памацаць, само наведванне такіх месцаў – прыгода і асалода. Ebay – гэта іншы фармат, яго аналагі ёсць у Беларусі (Kufar, Onliner, Ay.by). А афлайну не было. Хаця інтарнэт-крама ў нас ёсць (www.bytsennosti.by), гэта абавязковая ўмова, сучасный стыль ужывання для моладзі. Але гэта ўсёж дадатак да сапраўднай афлайнавай крамы.

Праз тры гады выспявання ідэі знайшоўся інвестар, у якога ёсць грошы і жаданне рабіць нешта цікавае, таму што жыць цікава. У яго вялікая кампанія са шматлікімі патрэбнымі нашаму бізнэсу адмыслоўцамі: юрыстамі, лагістамі, дэкларантамі… Нашыя найменні сталі проста купкай у лісці яшчэ шмат чаго, што ў гэтых фурах катаецца. Дапамога моцнай кампаніі, якая возіць шмат грузаў, стала вырашальнай. Гэта іншая плынь, да яе па-іншаму ставяцца мытнікі. Складанасці ўсё адно ёсць, аднак мы працуем усё лепей і лепей. Пакрысе выходзім на ўзровень самаакупнасці, але без магутнай і надзейнай падтрымкі нашага дарагога НДЦ “Магістр” мы б гэтага не здолелі.

 

Адкуль пайшоў трэнд на вінтаж і ці адчуваецца ён у Беларусі?  

– Людзі не хочуць новага, і гэта сусветны трэнд. Нават пры тым, што ў іх ёсць сучасная, крутая і цікавая вытворчасць. Усе Амерыкі, Азія (Кітай, Японія, Інданэзія), Эўропа хочуць старую мэблю.

Старое не старэе. Калі ты набываеш сёння новае, яно заўтра з’яўляецца ва ўсіх. А старое застанеццаўнікальным. Глядзеў нядаўна калекцыю нейкіх кубічных бліскучых італьянскіх тумбаў. Каштавалі некалькі год таму тысячы эўра, модна было. А зараз не модна, і модным не будзе яшчэ доўга. Я вось ненавіджу гэты бяздушны бляск новай мэблі. Старое набыў, сеў і адчуваеш: ужо маё, роднае.

Потым, усё новае і якаснае ў Еўропе – дарагое, бо выдаткі вялікія, на стварэнне працуе армія дызайнераў і канструктараў, укладаюцца інвестыцыі. Каб набыць сучасную дызайнерскую мэблю, трэба быць вельмі багатым. Такі вось сучасны дызайнерскі буфет каштуе можа 10 000 еўра. Ёсць альтэрнатыва «Ікеі», але будзеш такім, як усе.

У Беларусі вінтажны трэнд таксама ёсць. Кожны дзясяты да нас прыходзіць і кажа: «О, гэта ж мая мара! А як вы гэта робіце?» То-бок шмат людзей хацела б займацца вінтажнай мэбляй, і гэта зразумела. Яе адсутнасць – гэта як узяць і вырубіць нейкую частку культуры, як забараніць, напрыклад, калекцыяніраванне. Гэтую краму варта было адкрыць, проста каб выйсці на пэўную ступень свабоды выбара.

Адкуль прыязджае вашая вінтажная мэбля?

– Канцэпцыя была ў тым, каб прывозіць з Еўропы. Мае пастаўшчыкі – з Галандыі і Даніі. Гэта дазваляе стварыць цалкам эклектычную падборку: ад антыкварных галанскіх ды бельгійскіх стыляў, да больш сучасных скандынаўскіх. Пастаўшчыкі – гэта не маленькія крамы, гэтавялізны бі-ту-бі з магчымасцю выбара і нізкімі аптовымі коштамі. У маіх партнёраў пад 4 000 м2 ангар, паўнюткі ўсякага вінтажу. Прыватны пакупнік з вуліцы туды не трапіць, адгрузкі толькі фурамі, ці кантэйнерамі.

Беларусь – гэта для іх незразумела складаная тэрыторыя. Столькі папер, маніпуляцый. Але вось склаўся кантакт і працуем. Мы ім нават падарылі вагі. Іх за 40 год працы ніхто не прасіў узважваць і апісваць кожны стул ці кубачак, які каштуе 40 цэнтаў. Не кожны гандляр пагодзіцца на такі складаны дакументаабарот.

Шмат народу пытаецца, а чаму няма нашага савецкага, бо старое ж. Па-першае, не лічу савецкае за наша. А па-другое, так а няма там цікавых стыльных праектаў.Ну навошта браць дээспэшную савецкую шафу? Ніякай у ёй прыгажэсці не было тагда і няма зараз. Калі людзей лічацьза жывёлу, нічога прыгожага для іх рабіць не будуць. Было ў 50-х трошачкі выбару: 5 буфетаў розных – і ў пасляваенны час нешта трапляла з ГДР ды Чэхаславакіі. Але ўсё другаснае: гэта спрошчаныя копіі таго, што разпрацоўвалі ў Італіі у 50-60-х, а потым выбухнула ў Скандынавіі ў 60-70-х. Навошта набываць танныя копіі?

Як выбіраецца тавар?

– Складана было абіраць першы раз асартымент. Артур Клінаў, які звычайна аперыруе дакладнымі лічбамі (жарт), падлічыў, што ў мяне 135 700 кліентаў. Трэба было абстрагавацца ад свайго густу, падумаць пра гэтыя 135 тысячы і ўявіць, што ім падыдзе.

Тады я сабраў усё, што мне падабаецца. А на другую палову фуры проста папрасіў галандцаў падабраць, бо ў іх ёсць вопыт працы з Расіяй, Грузіяй, Украінай – ужо крыху ўяўляюць густы. Для мяне, напрыклад, вось гэтая італьянская кераміка Capodimonte з ружамі – гэта жудасная папса. А галандцы мне кажуць: «Бяры, з рукамі адарвуць». Ну і вось, скончылася ўжо.

Мне падабаюцца мастацкія рухі, якія чапляюць і прыкладное мастацтва. Вось і абіраю прадметы, у якіх увасобілася пэўная плынь: ар-дэко, ар-нуво, брегель, мінімалізм. Мне падабаецца пачатак 20-га стагоддзя, лічу, што гэта быў сапраўдны залаты век. Як дызайнер я пруся ад баўхаўзу 30-40-х, потым італьянцаў, потым – скандынавія. Зараз мы трохі завезлі скандынавіі 70-х, бо гэта ўсё-ткі трэнд. Дарагавата, канешне, будзе, бо за гэтыя рэчы мы канкурыруем з Амерыкай і Японіяй, якія ад гэтага стылю шалеюць і грошы не лічаць.

За які кошт можна зашопіцца ў краме?

– Мы старанна робім кошты максімальна даступнымі. Можна было б зрабіць такі рускі фармат – антыкварны буцік, дзе ўсё залатое, дарагое і прадаецца раз на квартал. Але прадаваць адну камоду, якая мне нават не падабаецца, раз на тры месяцы якой-небудзь партыйнай эліце? Мне гэтага не хацелася. Ну і рэальны антыкварыят – маральна цяжкі, для яго кватэра мусіць быць нейкай асаблівай, і ты мусіш адпавядаць. А вінтаж можна камбінаваць, спалучаць баўхаўз са скандынавіяй або ар-дэко. З ім можна вольна пачувацца, а не хадзіць з прамой спінай.

Мае літоўскія калегі накручваюць дзесьці ў 3 разы. Хацелася, каб у нас, нават з улікам мытні, кошты былі не большымі. Нашыя кліенты – простыя людзі з арт-тусоўкі, цану не заломіш. Я добра разумею, што вось мастак(-чка) атрымаў(-ла) ганарар і хоча сябе нечым пацешыць. І гэтая асалода знаходзіцца ў тым, каб палазіць сярод драбязы, якая і за 50 рублёў сублімуе табе шчасце. А вось яшчэ прыклад: стол 19 стагоддзя (у нас з 19 стагоддзя мо тры рэчы на ўсю краму). Я набыў яго ў вельмі кепскім стане, але ў нашай рэстаўрацый-аперацыйнай) мы зрабілі з яго такую сабе “цукерачку”, і мне неверагодна падабаецца, што гэтую рэч я магу прадаць беларусу за 400 рублёў.

Што набываюць звычайна?

– У выніку ўсё набываюць. Усё знойдзе свайго чалавека. Тая ж скандынавія – гэта рызыкоўна. Але спробную партыю з Даніі разабралі ўмомант.

А яшчэ ёсць цікавыя лакальныя традыцыі. Гэта не нейкія мастакі з сусветных выстаў, якія вынаходзілі сацыякультурныя рэвалюцыі ў сваім дызайне, а простыя народныя стылі. Такую рэч, стаўшую стылям, шмат гадоў таму прыдумаў нейкі сталяр. Напрыклад, rifle cabinet – шафа для стрэльбаў. Ну якія стрэльбы ў сучасных квартэрах? А вось куртачку стыльна павесіць у калідоры – самае то. Або вось так званы milk cabinet, як у нашых бабуль, скалочаны з пяці дошак для бідонаў малака. Ва усіх крутых інтэрьерах будзе выглядаць шыкоўна ў сваёй прастаце і вясковасці.

«Людзі не хочуць новага, і гэта сусветны трэнд»

Пакупнікі вельмі розныя. Але прыемныя) Мы спачатку ўсё пачалі марафеціць у нашай майстэрні, а потым зразумелі, што не трэба, што ёсць нармальныя кліенты, якія хочуць плаціць за гэтую натуральную пацёртасць.

Прыкольна, што бяруць некамплектныя штукі. Антыквары ведаюць, што каштоўнасці дадае камплектнасць. А ў нас прывязеш 4 крэслы, а разбяруць па адным. Захапляюцца так, што хочуць узяць хоць што-небудзь, нават калі месца бракуе.

Шмат чаго прывозілі, што шкада было прадаваць. Але ўсё сабе не забярэш) Ставіць няма куды, ды грошай таксама няшмат, тут мы добра разумеем сваіх кліентаў)

Якая будучыня ў вінтажнай крамы ў Беларусі?

– Мы пакуль выйшлі на ўзровень нейкай надзейнасці і акупнасці, можам сабе дазволіць выдаткі. У ідэальнай сітуацыі, напэўна, рабіў бы так, як яно ёсць на развітых рынках. Сегментаваў бы па стылях. Ёсць свае плюсы ў гэтай эклектыцы, але зусім іншае адчуваеш, калі ідзеш у краму ар-дэко, дзе кожная дробязь выканана ў адным стылі.

Але гэта ўжо пэўны ўзровень насычанасці рынку і ўзровень спажыўца. Таму пачнем з заніравання на нашай пляцоўцы, каб не стаялі розныя аб’екты на адным рагу і можна было адчуць розныя стылі і ўявіць сабе інтэр’ер.

Зараз вырашаю з мастацтвам, бо сцены высокія, дазваляюць. Хачу знайсці нейкі цікавы канцэпт, бліжэй да барахолкі, каб не ператварацца ў галерэю. Пакуль што салянка: ёсць вядомыя мінскія мастакі, побач галанскія пейзажы, танныя студенцкія працы з нашай Акадэміі. Зараз у нас можна набываць і мастацтва. І музыку. Шмат кніг і альбомаў па мастацтву і дызайну.

 

Leave a Reply

* Name:
* E-mail: (Not Published)
   Website: (Site url withhttp://)
* Comment:
Type Code